“Я і грамадства”- такой была тэма размовы. Рабятам былі прапанаваны тры тэматычныя блокі: “У прававой дзяржаве”, “Сацыяльная роля ў грамадстве”, “Цікавы госць”.
У першым блоку навучэнцы даведаліся, што азначае тэрмін “грамадства”, успомнілі, якія правы маюць дзеці, якія дакументы ў Рэспубліцы Беларусь абараняюць іх правы, з якога ўзросту чалавек нясе адказнасць за свае ўчынкі.
Падчас другога блока вучні разгледзелі розныя сацыяльныя ролі. Маці папрасіла дапамагчы прыбрацца ў пакоі – вы добры сын ці дачка, пайшлі ў магазін па хлеб – вы пакупнік, сустрэліся з сябрам – вы сябар, адказваеце на ўроку – вы вучань, прыйшлі на прыём да ўрача – вы пацыент. І так да бясконцасці. Я і сям’я, я і клас, я і школа, я і грамадскія месцы – такія накірункі былі прапанаваны вучням. Як паводзіць сябе на вуліцы? Чаму ў грамадскіх месцах некультурна крычаць, гучна размаўляць, смяяцца? Хто першым вітаецца пры ўваходзе ў памяшканне? З якога боку абыходзяць людзей, з якімі мінаюцца? Хто каго павінен прапусціць: той, хто ўваходзіць у магазін або той, хто выходзіць? – на гэтыя і многія іншыя пытанні паспрабавалі знайсці адказы. Рабяты зразумелі, што кожная сацыяльная роля прад’яўляе да чалавека пэўныя патрабаванні, парушаць якія нельга. Людзі заўсёды ацэньваюць выкананне чалавекам сацыяльнай ролі і даюць ацэнку яго дзеянням.
“Усе мы – грамадзяне Рэспублікі Беларусь”, – такімі словамі пачыналася размова трэцяга тэматычнага блока “Цікавы госць”. Рабяты ўспомнілі, што азначаюць словы “грамадзянін”, “патрыёт”, “Айчына”. Вучні 7 класа яшчэ раз нагадалі ўсім пра абавязак кожнага грамадзяніна ведаць і паважаць сімвалы сваёй дзяржавы. Закончылі сваё выступленне вучні прыгожымі вершамі пра герб, гімн, сцяг. Падагуліла размову дадзенага блока Андрушка Алена Уладзіміраўна, загадчык Поразаўскага сектара культуры і вольнага часу, дэпутат Поразаўскага сельскага савета дэпутатаў. Алена Уладзіміраўна расказала рабятам пра гады сваёй вучобы, пра знакамітую аднакласніцу Яніну Карольчык, якая, дзякуючы сваёй працаздольнасці і мэтанакіраванасці дасягнула вялікіх поспехаў – стала алімпійскай чэмпіёнкай.
Дадзенае мерапрыемства прайшло цікава. Рабяты не былі пасіўнымі слухачамі, яны адказвалі на пытанні, абмяркоўвалі сітуацыі, часам нават спрачаліся. Некаторыя, захопленыя расказам Алены Уладзіміраўны, зрабілі з ёй сэлфі і папрасілі дазволу размясціць дадзены фотаздымак на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках.
[img=]http://www.porozshool.grodno.by/uploads/posts/2021-02/1614277184_wenpce2kmig.jpg[/img]